ХЕ́ЦКАЕ ЦА́РСТВА,
старажытная дзяржава ў М. Азіі ў 18 — пач. 12 ст. да н.э. Засн. хетамі. Утварылася з малаазійскіх паліт. аб’яднанняў 20—19 ст. да н.э. (Канес, Хатусас, Бурушханда). Пры хецкім цару Анітасе (каля 18 ст. да н.э.), які заваяваў г. Неса і Хатусас, пачалося аб’яднанне абласцей Анатоліі. У часы Стараж. царства (1750—1450 да н.э.) хеты стварылі дзяржаву на тэр. Цэнтр. Турцыі з сталіцай у г. Кусар. Канчаткова Х.ц. склалася пры Лабарне I [1680—1650 да н.э.], калі ўладанні хетаў дасягнулі Чорнага м. Сталіца была перанесена ў г. Хатусас (гл. Багазкёй). Пры Мурсілі I [1620—1590 да н.э.] ваен. магутнасць Х.ц. дасягнула найвыш. ўздыму. У 1595 да н.э. захоплены і разрабаваны Вавілон. Пасля смерці Мурсілі I на працягу 100 гадоў у Х.ц. вялася міжусобная барацьба. У 16 ст. да н.э. складзены хецкія законы. У 14 — пач. 12 ст. да н.э. (т.зв. перыяд Новага царства) на чале дзяржавы стаялі хурыты. Цар Супілуліума I [1380—1340 да н.э.] падпарадкаваў дзяржаву Мітані і зрабіў сваім васалам Угарыт. З канца 14 ст. да н.э. Х.ц. і Егіпет змагаліся за гегемонію ў Пярэдняй Азіі. Паводле дагавора 1280 да н.э. яны падзялілі паміж сабой Сірыю і Фінікію. У канцы 14 — пач. 12 ст. да н.э. супраць Х.ц. выступіла кааліцыя дзяржаў (Ахіява, Арцава і інш.). Перасяленне на У М.Азіі «народаў мора» прывяло да распаду Х.ц. У канцы 12 ст. да н.э. цар Асірыі Тыглатпаласар I падпарадкаваў яго тэрыторыі. Асобныя хецкія княствы існавалі да канца 8 ст. да н.э. і канчаткова паглынуты Асірыяй.
Літ.:
Довгяло Г.И. К истории возникновения государства: На материале хеттских клинописных текстов. Мн., 1968;
Гарни О.Р. Хетты: Разрушители Вавилона: Пер. с англ. М., 2002.
т. 17, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)